Вольга Гапеева

я збіраюся на вайну
кожную раніцу
чышчу боты ― рыхтую зброю
ПОТЫМ
мы будзем кахаць потым
а зараз няма калі
я збіраюся на вайну
чышчу боты ― рыхтую зброю
хочаш ― цалуй мае вочы
пакуль не баляць яны
ад калючага дроту
жабкай станецца хто-небудзь іншы
а мне няма калі
я збіраюся на вайну
чышчу боты ― рыхтую зброю
заўтра птушкі скінуць па крыльцы ―
гэта звычайны прагноз надвор’я
ну што ты паціскаеш плячыма
я ― немагчыма

снежня чацвёртага
згвалтаваныя дрэвы
прыкрываюцца пер’ем птушыным
ды марна
ім не пазбегнуць майго шкадавання
снежня чацвёртага
я выгульваю сябе
па алеях дахавых
для ўзмацнення
болю святочнага
недзе памёр бог
а я вару сабе суп
і ўсё як звычайна
снежня чацвёртага

марцыпанавы снег
уключалі толькі па пятніцах
калі птушыныя святыя
хавалі свае лапкі
ад маіх дзіцячых позіркаў
яны баяліся тлустых зімовых вусеняў
таму апраналі пухнатыя кажушкі
і хавалі свае лапкі
у маіх дзіцячых позірках

ісці па асфальце ў ботах
і думаць пра мора
кратаючы вейкамі
ужо цёплую скуру ветра
спыніцца
і доўга выбіраць кветку
пад колер вачэй тваіх
ірыс

зрываюся
лячу
падаю
вочы колюцца аб нешта цёплае
― гэта ты расчытваеш сляды інквізыцыі
пад пракіслым сонцам
кастрычніка
дрэвы гуляюць у шахматы
мы гуляем у дрэвы
нехта заўсёды здаецца
першым
раніца перад расстрэлам
сёння мая чарга
крумкачоў пасвіць
на пальцах салёных рабіць
засечкі
калі вочы адмаўляюцца
бачыць
я знаходжу твой голас
навобмацак

дарогаю быць цяжка
асабліва ў тым месцы
дзе намаляваная зебра
там
гАрызанТАль
і

ВЭртыкаль

зводзяць людзей і машыны
часам жывёл
сабакаў і галубоў
і ровары ― новыя за некалькі сотняў баксаў
і тыя што засталіся ў спадчыну ад кагосьці з 1930-х гадоў нараджэньня

як малая была
часта блытала гарызанталь і вэртыкаль
і кожны раз прамаўляючы словы гэтыя
ўяўляла сабе гарызонт

гарызонт гэта такая рыса на даляглядзе
за якой вось-вось мусіць узьнікнуць мора
і зьнікнуць я
дарога